МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням: і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)